МТС інфармуе: махляры выкарыстоўваюць новыя схемы падману, якія могуць прывесці да фінансавых страт. Калі вам абяцаюць высокі даход за працу або праходжанне навучання, але просяць перайсці па спасылцы або адсканаваць QR-код, а таксама адключыць у смартфоне апавяшчэнні — гэта трывожны сігнал.

Махляры запусцілі новую схему ў Telegram: яны прапануюць прайсці навучанне і зарабіць грошы. Аднак пры пераходзе па спасылцы зламыснікі атрымліваюць доступ да ўліковых запісаў карыстальніка і персанальных даных.
Пасля водгуку на вакансію адпраўляецца бланк рэзюмэ з прапановай запоўніць асабістыя даныя. Далей прапануецца прайсці двухдзённую стажыроўку, для чаго неабходна адсканаваць QR-код — нібыта для доступу да кліенцкай базы. Дадаткова зламыснікі рэкамендуюць адключыць апавяшчэнні на смартфоне, аргументуючы гэта высокім патокам заказаў. У выніку злачынцы могуць займець доступ да банкаўскіх рахункаў і іншых дадаткаў на прыладзе.
«Аферысты ў месенджары прыцягваюць патэнцыйных ахвяр прывабнымі прапановамі аб прыбытковай падпрацоўцы. Яны гуляюць на даверы людзей і абяцаюць хуткі заробак. Калі вам раяць адключыць банкаўскія паведамленні, просяць унесці перадаплату або перайсці па спасылцы, адсканаваць QR-код — гэта відавочныя прыкметы падману. МТС заклікае крытычна ацэньваць любыя прапановы аб заробках у Telegram і памятаць пра рызыкі, якія могуць чакаць беларусаў у сеціве. Чым больш уважліва мы ставімся да падазроных прапаноў, тым менш шанцаў у махляроў», — дадаюць у МТС.
Акрамя таго, распаўсюджаны і іншыя схемы:
- Фальшывыя інвестыцыі — абяцаюць высокі даход ад укладанняў, але грошы знікаюць адразу пасля пераводу.
- Тэлефонныя афёры — званкі ад нібыта «банкаўскіх супрацоўнікаў» або «праваахоўных органаў» з просьбай перавесці грошы «на бяспечны рахунак».
- Фішынгавыя рассылкi — спасылкі на падробныя сайты банкаў і сэрвісаў, з якіх махляры крадуць даныя карт.
МТС рэкамендуе выконваць наступныя меры бяспекі: не пераводзьце грошы незнаёмым людзям, не адключайце банкаўскія паведамленні і не перадавайце асабістыя даныя. Перад водгукам на вакансію правярайце працадаўцу і шукайце водгукі. Калі сутыкнуліся з махлярамі, паведамляйце пра гэта ў праваахоўныя органы. Для абароны ад шкоднасных файлаў усталюйце антывірус, адключыце аўтаматычную загрузку файлаў у месенджарах і пазбягайце ўсталявання ПЗ з неправераных крыніц.
Таксама МТС нагадвае агульныя парады па бяспецы ў лічбавым асяроддзі:
- Дадавайце нумары тэлефонаў у кантакты пад імёнамі — гэта дапаможа хутка ідэнтыфікаваць званкі і паведамленні ад знаёмых вам людзей.
- Для абароны ад махляроў актывуйце на сваіх прыладах функцыі заглушэння і блакавання непажаданых званкоў — інструкцыя для Android, інструкцыя для iOS.
- У месенджарах Telegram, Viber і WhatsApp пераправерце налады канфідэнцыяльнасці і забараніце пошук кантакта па нумары тэлефона для незнаёмых карыстальнікаў.
- Будзьце ўважлівы да ўваходных званкоў з невядомых нумароў, асабліва з прэфіксамі, якія адрозніваюцца ад +375.