Герой новага падкаста ад МТС і 34mag – славуты беларускі шляхетны род Агінскіх. Цікавыя факты з радаводу, творчага і гістарычнага скарбу сям’і можна паслухаць і спампаваць на беларускай і рускай мовах.
Росквіт роду Агінскіх прыйшоўся на 17-18 стагоддзі. З яго выйшлі выбітныя палітыкі, дыпламаты, мецэнаты, а таксама вытанчаныя аматары высокіх мастацтваў. Да сёння сусветнавядомы Паланэз № 13 ля мінор “Развітанне з Радзімай”, які напісаў Міхал Клеафас Агінскі.
Спадчыну таленавітых прадстаўнікоў роду можна не толькі пачуць, але і пабачыць. Дзякуючы іх шчордрым ахвяраванням з’явіліся Свята-Петра-Паўлаўскі сабор у Мінску, храм і манастыр манахаў-трынітарыяў у Маладзечне ды іншыя помнікі архітэктуры. З прозвішчам князёў звязана стварэнне першага на Беларусі шпіталя для ваенных інвалідаў, а таксама Агінскага канала, які злучае рэкі Ясельду і Шчару.
Да нашых дзён захаваліся рэшткі дзьвух раскошных родавых маёнткаў Агінскіх. Адзін з іх знаходзіўся ў Слоніме. Гаспадары стварылі там сапраўдную “сядзібу муз”: узвялі тэатр на дзве тысячы гледачоў, заснавалі школу музыкаў і танцораў, дзве музычныя капэлы. Другі маёнтак знаходзіўся ў весцы Залессе Гродзенскай вобласці. У «паўночных Афінах» прымалі шматлікіх іншаземных гасцей з розных краін: дыпламатаў, музыкаў, пісьменнікаў, філосафаў.
Паслухаць падкаст пра Агінскіх альбо спампаваць яго на беларускай ці рускай мовах можна на 34travel.me і 34mag.net, а таксама на платформах Apple Podcasts, Spotify, Castbox, Soundcloud, Google Podcasts, Яндекс. Музыка. Першыя дзве серыі праекта былі прысвечаны Радзівілам і Сапегам.