Кампанія МТС стала партнёрам штогадовага фестывалю «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў», які пройдзе з 17 па 19 чэрвеня ў Нясвіжы. Артысты галоўнай тэатральнай сцэны краіны парадуюць гледачоў шэдэўрамі сусветнай опернай і балетнай класікі, выступіўшы ў антуражы старажытнага палаца і ля яго сцен пад адкрытым небам.
Гасцей Нясвіжскага палацава-сядзібнага комплексу чакае насычаная афіша. Артысты балета, оперы, хору і аркестра Вялікага тэатра Беларусі традыцыйна паказваюць у Нясвіжы найлепшае са свайго рэпертуару.
Фестываль адкрыецца ў белай зале Нясвіжскага замка 17 чэрвеня ў 13:00 выступленнямі на беларускай мове. Спачатку сваю новую праграму «Беларускія прэм'еры» прадставіць тэнар Дзмітрый Шабеця, затым палац напоўніцца гукамі тэатралізаванага канцэрта «У час шумнага балю» з удзелам вядучых салістаў оперы. У касцёле Божага Цела ў праекце Наталлі Бараноўскай «Жамчужыны духоўнай музыкі XVI-XX стагоддзяў» у 16:00 прагучаць творы Гендэля, Баха, Вівальдзі, Шуберта.
А на зыходзе дня ў 21:00 знатакам класікі пакажуць балет Барыса Асаф'ева «Бахчысарайскі фантан» паводле паэмы Аляксандра Пушкіна. За дырыжорскім «пультам» выступіць Мікалай Калядка.
У суботу 18 чэрвеня ў 13:00 адбудзецца музычная экскурсія па замку, падчас якой ажывуць партрэты і скульптуры, старажытныя легенды і паданні. У 15:30 на канцэрце «Песні Вялікай краіны» можна будзе пачуць савецкія хіты ў выкананні струннага квінтэта «Серэнада» і салістаў оперы. У 20:00 ва ўнутраным дворыку замка пачнецца аперэта Іагана Штраўса «Кажан».
У заключны дзень фестывалю 19 чэрвеня ў 12:00 выступіць 12-струнны квартэт «Vivat-quartet!» з праграмай «Музычная скарбніца Нясвіжа». Крыху пазней у 15:00 музычны калектыў «A.M.A.D.I.S. Brass» пачастуе меламанаў «Нясвіжскім кактэйлем». У 19:30 гучным фінальным акордам фестывалю стане гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра «Замкавыя забавы ў Нясвіжы». Дырыжор - Алег Лясун.
Сёлета «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» пройдуць 12-ы раз. МТС выступае партнёрам фестывалю з 2011 года