Дапамога па адрасе: МТС прыняў удзел у перадачы абсталявання для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці | Навіны МТС
Усе навiны

Дапамога па адрасе: МТС прыняў удзел у перадачы абсталявання для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці

У гарадскім дзіцячым цэнтры медыцынскай рэабілітацыі «Пралеска» ў Ракаве Мінскай вобласці адбылася перадача асістыўнага абсталявання для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. Яно набыта на сродкі, сабраныя ў 2023 годзе падчас «Сямейнага забегу», арганізатарамі якога былі кампанія МТС, Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі і Белаграпрамбанк.

Дапамога па адрасе: МТС прыняў удзел у перадачы абсталявання для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці
Дапамога па адрасе: МТС прыняў удзел у перадачы абсталявання для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці

Усяго на закупку асістыўных прылад для навучання дзяцей з інваліднасцю ў рамках дабрачыннага складніка «Сямейнага забегу» было сабрана больш за 15 000 рублёў. На гэтыя сродкі ЮНІСЭФ у Беларусі закупіў набор «Дом савы» для дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра.

Дзіцячы цэнтр у Ракаве з пачатку 2024 года прымае дзяцей з такім дыягназам. Дзякуючы рэабілітацыі і сацыялізацыі маленькія пацыенты атрымліваюць магчымасць вучыцца ў школах як роўныя са сваімі аднагодкамі. Цяпер яны змогуць праходзіць сэнсарна-інтэграцыйную тэрапію: для дзіцяці ствараюцца разнастайныя задачы, каб яно вырашала іх за кошт сваёй рухальнай актыўнасці. Комплекс практыкаванняў падбіраецца індывідуальна.

На цырымоніі перадачы абсталявання прысутнічалі прадстаўнікі медыцынскага цэнтра «Пралеска», Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, кампаніі МТС, ЮНІСЕФ у Беларусі і БФЛА.

«Роўныя адносіны да ўсіх дзяцей, у тым ліку да дзяцей з інваліднасцю, – важны крок на шляху да інклюзіўнага грамадства, дзе кожны адчувае сябе каштоўным, дзе кожны можа рэалізоўваць свае правы і магчымасці аднолькава з усімі. Мы радыя, што вельмі шмат арганізацый і людзей ідуць побач па гэтай дарозе. Мы радыя, што нас падтрымлівае бізнес-супольнасць, неабыякавыя людзі, нацыянальныя партнёры, напрыклад, Менгарвыканкам, таму што закупка гэтага комплексу адбываўся ў межах нашага Плана супрацоўніцтва», - адзначыў Рустам Хайдараў, прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі.

Пасля перадачы абсталявання супрацоўнікі цэнтра правялі экскурсію для гасцей і пазнаёмілі іх з сем'ямі, дзеці якіх зараз праходзяць рэабілітацыю.

«Дзякуй усім, хто датычны да гэтай справы. Кожны, хто прыязджае ў наш цэнтр, адзначае асаблівую атмасферу, якая пануе тут. Таму што мы не толькі дапамагаем у рэабілітацыі, але і вучым усіх вакол - і дарослых, і дзяцей - прымаць, разумець і быць цярпімымі да людзей з асаблівасцямі ў развіцці», - падкрэсліла Надзея Дзямідава, галоўны ўрач гарадскога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі «Пралеска».

«Сямейны забег» праводзіцца штогод у рамках Мінскага паўмарафона. У 2023 годзе падчас афармлення заяўкі можна было па жаданню зрабіць дабрачынны ўзнос. Сабраныя сродкі былі накіраваныя на закупку дапаможнага абсталявання, якое дапаможа дзецям з інваліднасцю. У гэтым годзе ўсе партнёры выказалі зацікаўленасць у тым, каб традыцыя была працягнутая.

Папярэдняя навіна

Наступная навіна